ГФПС - нямецкая стыпэндыяльная праграма, арганізацыя, якая займаецца размеркаваннем стыпэндыяў для найбольш здольных і актыўных студэнтаў зь Беларусі, Чэхіі, Польшчы і Нямеччыны.
ГФПС мае разгалінаваную сэтку унівэрсытэтаў-партнэраў (27 па ўсёй краіне). Але стыпэндыяльная праграма прадугледжвае ня толькі сэмэстр вучобы, але і ўлучэньне студэнтаў у актыўнае грамадзкае і культурнае жыцьцё.Кожнаму стыпэндыяту прызначаецца мэнтар (апякун) – чалец ГФПС, які клапоціцца і дапамагае ў любых праблемных сытуацыях. Сябрамі арганізацыі зьяўляюцца студэнты, таму гэта не стварае ніякіх праблемаў у камунікаваньні. Інтэграцыйныя вечарыны, дні нацыянальных культур і ініцыятывы з боку беларускіх стыпэндыятаў знойдуць месца ў дзейнасьці арганізацыі і будуць вітацца.
Стыпэндыі ГФПС прадназначаны для беларускіх студэнтаў, якія маюць беларускае грамадзянства, валодаюць нямецкай мовай, цікавяцца нямецкай культурай і гісторыяй, маюць посьпехі ў вучобе і заангажаваныя ў грамадзкай ці палітычнай дзейнасьці ў сваёй краіне. Кандыдатамі могуць быць студэнты не маладзей за другі курс унівэрсытэта і не старэйшымі за 25 год.
Каб атрымаць стыпэндыю ГФПС, неабходна запоўніць заяўку (https://www.gfps.org/bewerbung/deutschland-belarus/),напісаць матывацыйны ліст, у якім патлумачыць, чаму ты хочаш вучыцца ў Нямеччыне і абгрунтаваць выбар спэцыяльнасьці, а таксама даслаць жыцьцярыс (CV).
Адукацыйная стыпэндыяльная праграма абвяшчае конкурс для беларускіх студэнтаў два разы на год. Дэдляйн прыёму заявак на летні сэмэстр – 31 кастрычніка. Апошні тэрмін прыёму заявак на зімовы сэмэстр – 31 сакавіка. Камісыя адбірае шэсьць заявак і ў сярэдзіне лістапада і сярэдзіне красавіка адпаведна ладзіць сумоўе ў Менску. Падчас сустрэчы прысутнічаюць нямецкія і беларускія прадстаўнікі. Адказы на пытаньні – гэта прыблізна тое ж, што кандыдат пісаў у матывацыйным лісьце. Ніякай панікі! Нічога новага выдумваць ня трэба! Галоўнае – зацікавіць камісыю сваёй пэрсонай і паказаць сябе ня толькі інтэлектуалам, але і праявіць сябе як заангажаванага чалавека.
Адметнасьць стыпэндыяльнай праграмы ГФПС менавіта ў тым, што перавага аддаецца хучэй не выдатнікам, а людзям ініцыятыўным і актыўным.
Стыпэндыя ўключае ў сябе бясплатны сэмэстр навучаньня ў адным зь нямецкіх унівэрсытэтаў (стыпэндыят мае магчымасьць выбіраць), штомесячную страхоўку ў памеры 55 эўра, жыльлё (пакой у г.зв. WG – кватэра, якую здымаюць некалькі чалавек, ці інтэрнаце) ня больш за 200 эўра штомесяц, і кішэнныя грошы 310 эўра штомесяц.
Больш інфармацыі пра праграму на сайце ГФПС https://www.gfps.org, а таксама праз мэйл: Этот e-mail адрес защищен от спам-ботов, для его просмотра у Вас должен быть включен Javascript .











далучайцеся да нас