Хатняя Парады Размовы з удзельнікаміАндрэй Лянкевіч: “Я рад, што паехаў вучыцца не ў Эўропу і не ў Амэрыку”
Андрэй Лянкевіч: “Я рад, што паехаў вучыцца не ў Эўропу і не ў Амэрыку”

2005-09-20

Гутарыла Юля Кляшняўскас, Студэнцкая Думка (CD)


Ён ледзь болей за месяц вярнуўся з Арменіі – скончыў 9 месячныя курсы World Press Photo. Стаў адзіным беларускім фатографам, якога запрасілі ў Галандыю на сьвяткаваньне 50-ай днюхі WPP – тусы лепшых сусьветных фотажурналістаў і пераможцаў конкурсу WPP на працягу ўсіх яго доўгіх год.


Андрэй сядзіць на кухне і распавядае:


“WPP - гэта самая галоўная фотажурналістычная арганізацыя ў сьвеце. Яны вучаць не клясычнай фатаграфіі, не савецкаму стылю. Ёсьць такі тэрмін “thinking photography”. Фатаграфія ТРh – няпростая. Гэта заўсёды не ў лоб, а злева і справа. Калі ты здымаеш кубак, як ня кубак. Яго адлюстраваньне, яшчэ што-небудзь. Тое самае з падзеяй.


Фантастычным адкрыцьцём прошлага году стала нікому не вядомая дзяўчына, датчанка, якая здымала твары атлетаў у момант, калі яны адрываюць штангу ад зямлі. Гэта ТР. Ці адзін з пераможцаў WPP у намінацыі партрэт: Буш-старэйшы заглядвае праз акно ў хату, дзе фатограф робіць здымак яго жонкі. Гэта звычайны амэрыканскі дом, стаяць партрэцікі ўсёй сям’і, стаіць канапа, відаць кухню. Атрымаўся прэзыдэнт, не як прэзыдэнт”.


Андрэй за партай


Курсы WPP арганізаваны для людзей, якія падаюць надзеі ў фотажурналістыцы. Набіралі 15 чалавек з усяго СНД. “Але “з усяго СНД” быў толькі я. Асноўны састаў быў каўказскі: армяне і дзьве грузінкі”. Навучаньне праводзілася на базе Каўказскага інстытута журналістыкі. Паралельна такія ж сэмінары праводзіліся ў Афрыцы.


Мэта WPP - развіцьцё фотажурналістыкі ў тых краінах, дзе яе няма альбо, дзе трэба разьвіваць. Беларусь - такая краіна, таму Андрэя і ўзялі: “У мяне была пэрсанальная стыпэндыя, бо спадабаліся мае здымкі. Грошай сьпярша не хапала, потым знайшлі дадатковае спонсарства і я застаўся да канца тэрміну”.


Два дні ў тыдзень былі заняткі, прыязджалі розныя людзі, чыталі лекцыі, распавядалі, як яны працуюць. Са знакамітых быў Аляксандр Землянічанка*. Астатні час фатаграфавалі. Дзе хацелі, як хацелі, што хацелі. Але была ўмова, напрыклад, зняць чалавечыя зносіны, або дэталь, альбо зрабіць начную здымку.



Андрэй пад халодным душам


“Я рад, што паехаў вучыцца не ў Эўропу і не ў Амэрыку. Нават мы - Эўропа, больш чым думаем. У Ерэване, у маёй кватэры была холодная вада 4 гадзіны ў суткі. З 10 да 12 раніцай і вечарам - з 6 да 8. Аб гарачай і цэнтральным газе - няма размовы, нават сьвятло троху прападала. А жыў я ў 400 м ад галоўнай плошчы. Калі параўноўваць з Мінскам, дом стаяў бы ў дворыку БДУ”.



Андрэй на фоне гор


Да ад’езду Андрэй рабіў навіны для мінскіх выданьняў: фатаграфіі цяпер на сёньня-заўтра. WPP у Арменіі навучыла рабіць праекты. “Дыплём у мяне быў пра качавы народ Іезіды. Я жыў з імі па 4, 3, 2 дні, у гарах, у дамах, у палатках, я ішоў зь імі, ехаў зь імі. Яны навучылі мяне прастаце. Гарачая вада ці дзьве пары абутку - гэта ўжо від раскошы”.


- Як ты іх знайшоў, прыстаў да іх?


- Ты кажаш “прыстаў” – нармальнае пытаньне беларускага чалавека. Я прыехаў ў Арменію і зразумеў, што людзі там не закрытыя ў сабе, цікавасьць да сябе не ўспрымаюць як атаку, а ўспрымаюць, як здаровую цікавасьць журналіста да сябе, яны адкрытыя да кантакту.


Дыплём Андрэй рыхтаваў у спартанскіх умовах, але хлопец відавочна атрымліваў задавальненьне ад жыцьця – гл. фоткі. Начаваў у палатцы, дзе спала вялікая колькасьць людзей і ўсю ноч плакала немаўля. Ужываў простыя рэчы: хлеб, сыр, агародніну, якую ён чамусьці спачатку назваў травой, гарэлку “як элемент абеззаражваньня, заклад таго, што страўнік неяк успрыме ежу і, самае галоўнае, як прадукт высокалярыйны, бо гэтыя людзі сапраўды шмат працуюць”.


Андрэй у Амстэрдаме. 2 дні. Усе легенды


Кожны год WPP выбірае лепшыя фотаздымкі па шэрагу намінацый. У мінулым годзе ў конкурсе ўдзельнічала амаль 70 тысяч здымкаў ад 4 тысяч прафесійных фатографаў. Трапіць туды цяжка. Андрэй трапіў. Яго запрасілі на двухдзённае сьвяткаваньне юбілейчыку на амстэрдамскім штаб-флэце як выдатніка вучобы. Дарэчы, з “курсантаў” да канца навучаньня дайшло 9, а выдатна скончылі толькі Андруха Лянкевіч і хлопец-армянін. “Прыемна, калі нечым займаешся і ёсьць магчымасьць паглядзець, паразмаўляць, перакінуцца е-мэйлам і, зразумела, паказаць фотаздымкі багам і легендам”.


- Ёсьць у цябе такі бог?


- Гэта такія рэчы ў двукосьсі. ТР, а іх шмат. Для мяне стаў адкрыцьцём Martin Paar**.


Андрэй на “Зоне”


Некалькі верасьнёўскіх тыдняў Андрэй плянуе правесьці на мяжы зь Літвой – будзе здымаць дзяцей памежнікаў. Сэнс праекту “Зона” - выявіць уплыў мяжы на лад жыцьця моладзі. У мерапрыемстве задзейнічаны фатографы з аднаго і другога боку ад мяжы Эўразьвязу. “Там ёсьць некаторая ізаляванасьць, - кажа Андрэй. - Заўсёды цікава, як такое “грамадзтва” разьвіваецца, а дзеці напрамую залежаць ад таго, што робяць іх бацькі. Думаю, будзе шмат спэцыфічных дробязяў - начныя пад’ёмы бацькоў, разьвітваньне з дзецьмі, зброя, сабакі, убачу, як дзеці пойдуць у першы кляс, карацей - уплыў”.



Андрэй кажа, у чым праўда:

“Што б ты не рабіў, гэта выява ўнутранага сьвету, настрою, погляду. Адна газэта прапануе “сацрэалізм”, шчасьце, прэзыдэнцкія гарадкі, куды едуць маладыя спэцыялісты, другая можа здымаць бамжоў і казаць, што ўсё дрэнна. А на сам рэч не ў максымах праўда, а ў паўтонах”.



---------


*Аляксандр Землянічанка - жывая легенда фотажурналістыкі. Шэф-рэдактар агенцыі Associated Press ў Маскве, пры гэтым яшчэ фатаграфуе, 2 разы выігрываў прэмію і кучу іншых, быў у журы WPP 2004.


**Martin Paar - дзіўны чалавек. Фатаграфуе амэрыканскую рэальнасьць. Найбольшае ўражаньне - буйныя пляны гамбургераў, сасісак і да т.п., сумуючыя людзі за ежай. Пры гэтым ён сам наведвае гэтыя рэстараны і робіць буйныя пляны, ад якіх хочацца ванітаваць. Напрыклад, буйны плян вуха, падбародзьдзя або басаножак на жанчыне. Ён гаворыць пра эаоху, адлюстроўвае час.

RSS-падпіска
рэклама
сябры