Хатняя Парады Размовы з удзельнікаміІгар Лялькоў – малады навуковец і палітык – распавядае пра асаблівасці навучання за мяжой
Ігар Лялькоў – малады навуковец і палітык – распавядае пра асаблівасці навучання за мяжой

2004-05-18

Алеся: Спадар Ігар, раскажыце, калі ласка, дзе Вы навучаліся за мяжой і як Вам у галаву прыйшла такая ідэя?



І.Л.:Маё навучаньне праходзіла ў Мюлузе (Універсітэт Верхняга Эльзасу, Францыя), Парыжы (Універсітэт Парыж1-Пантэон-Сарбона) і Варшаве (Цэнтар усходнеэўрапейскіх дасьледваньняў Варшаўскага ўніверсітэту).
Што да зьяўленьня “такой ідэі”, то для мяне гэта было зусім натуральным. Падчас вучобы на гістфаку БДУ асноўным маім зацікаўленьнем была гісторыя беларуска-заходнеэўрапейскіх сувязяў, а для сур’ёзнага вывучэньня гэтай праблематыкі “погляд адтуль” быў рэччу абсалютна неабходнай.



Алеся: З якімі цяжкасцямі Вы сустрэліся?



І.Л.: Асноўнай цяжкасьцю першых месяцаў навучаньня ў Францыі была “моўная праблема”. На жаль, моўная падрыхтоўка, якую я атрымаў у Беларусі (у школе, у БДУ і на курсах францускай мовы пры Амбасадзе Францыі ў Менску), не дазваляла адразу лёгка ўспрымаць лекцыі і практычныя заняткі па-француску і паўнавартасна кантактаваць з асяродзьдзем. Але з часам (праз 2-3 месяцы) гэтая праблема амаль зьнікла. Іншых істотных цяжкасьцяў, зьвязаных менавіта з замежжам, прыпомніць не магу (адрыў ад сям’і, сяброў і звыклага асяродзьдзя ня ёсьць такой спэцыфічнай праблемай, бо перажываецца цяжка і ўнутры Беларусі...)



Алеся: Як вы лічыце, ці варта навучацца за мяжой?



І.Л.: Абавязкова! Гэта найлепшы сродак пашырэньня кругагляду й найлепшыя лекі на традыцыйную беларускую местачковасьць і “саўковасьць”.
Алеся: Ці спрыяе гэта атрыманню больш высокай пасады ў будучыні менавіта на Беларусі?
І.Л.: Гледзячы ў якім сэктары. Калі ў дзяржаўным, то пакуль не (калі гэта не расейская адукацыя). Калі ў недзяржаўным, то хутчэй так - там існуе запатрабаваньне на “несавецкае” мысьленьне і сапраўдныя глыбокія веды, чаго беларуская адукацыя, на жаль, не дае.



Алеся: Ці дапамагае Вам зараз досвед, атрыманы ў Польшчы і Францыі, у працы? Якім чынам?



І.Л.: Дапамагае хутчэй не досьвед, а атрыманыя веды, прывітая звычка глядзець на сьвет не вузка, па-местачковаму, а шырока й сыстэмна, а таксама навязаныя сувязі з замежнымі сябрамі, калегамі й партнэрамі. Усе гэтыя элементы ў комплексе з’яўляюцца асноўнай базай для пасьпяховай дзейнасьці дзе-кольвек, у тым ліку й у Беларусі.



Алеся: Ёсць шмат людзей, якія вырашылі стаць міжнароднымі студэнтамі. Як ім трэба выбіраць праграму?



І.Л.: Гэта шмат у чым залежыць ад іх запатрабаваньняў, спэцыялізацыі, веданьня моваў, ужо навязаных кантактаў з замежнымі навучальнымі асяродкамі. Многія ўніверсітэты ў сьвеце маюць уласныя праграмы і стыпендыі для замежнікаў, якія рэгулярна анансуюцца на іх веб-старонках. Іншая магчымасьць знайсьці падыходзячую для цябе праграму – зьвяртацца па інфармацыю ў замежныя дыппрадстаўніцтвы ў Менску. Яны, як правіла, ахвотна даюць парады тым, хто жадае працягнуць сваю адукацыю ў іх краіне (асабліва тым, хто ведае адпаведную мову!) Для студэнтаў шмат якіх беларускіх ВНУ існуе таксама магчымасьць скарыстацца з праграмаў абменаў паміж іх “альма матэр” і партнэрскімі ВНУ за мяжою (для інфармацыі на гэты конт варта зьвярнуцца ў аддзел міжнародных сувязяў, якія ёсьць пры кожным беларускім ВНУ). На жаль, дзяржаўная палітыка ізаляцыянізму вядзе да таго, што шмат якія праграмы навучаньня за мяжою ў хуткім часе могуць быць згорнутыя ці замарожаныя (як у свой час была замарожаная эўрапейская праграма TEMPUS). Таму раіў бы пасьпяшацца цяпер, каб не змарнаваць свой шанец!


Алеся: Што б Вы параілі тым, хто усё яшчэ вагаецца?



І.Л.: Спыніць ваганьні й зрабіць першы крок да таго, каб стацца сапраўдным адукаваным эўрапейцам. За імі будучыня і ў Беларусі, і ў сьвеце!


RSS-падпіска
рэклама
сябры