2005-10-19
Галоўная мэта напісаньня рэзюмэ – даць асноўныя звесткі пра сябе чалавеку, які не ведае цябе і які мае вельмі мала часу для знаёмства з табой. Рэзюмэ павінна прадставіць цябе ў лепшым выглядзе, у лаканічнай і структараванай форме.
Звычайна памер дзелавога рэзюмэ не павінен перавышаць адной старонкі фарматам А4. Калі рэзюмэ пішацца для акадэмічных мэтаў, яно можа перавышаць гэты ліміт у тым выпадку, калі вы ўдакладняеце сьпіс акадэмічнай дзейнасьці (удзел у канферэнцыях, ліст з публікацыямі і г.д.). Неабходна, каб структура рэзюма адпавядала мэце напісаньня (напрыклад, нейкі сьпецыфічны тып працы, стыпендыя).
Раздрукоўваюць рэзюмэ на белай паперы фармата А4. Разам з рэзюмэ абавязкова пішацца суправаджальны ліст, нават калі ён не адзначаны ў сьпісе неабходных дакументаў. Ён прадстаўляе ваша рэзюмэ чытачу, прыцягвае ўвагу да яго асобных частак, якія б вы хацелі падкрэсьліць, а таксама адзначыць нейкія аспекты, якія адсутнічаюць па нейкай прычыне ў вашым рэзюмэ. Усе дакументы адсылаюцца ў канверце фарматам А4.
Для напісаньня рэзюмэ можна выкарыстоўваць шаблон MS Word ці можна стварыць сваю ўласную структуру напісаньня рэзюмэ, якая будзе адпавядаць такім крытэрам, як лёгкасьць і хуткасьць прачытаньня.
Звычайна рэзюмэ складаецца з наступных частак:
1. Асабістая інфармацыя (Personal details) – тут вы адзначаеце сваю дату нараджэньня, кантактную адрэсу (пастаянную і часовую), электронную адрэсу, нумар тэлефона, нацыянальнасьць. Гэтая інфармацыя можа быць напісана маленькім шрыфтам, каб зэканоміць прастору. Але сваё прозьвішча і імя абавязкова напішыце прапіснымі літарамі, каб чытач мог з лёгкасьцю даведацца, з чыім рэзюмэ ён знаёміцца. Гэта не самая галоўная частка рэзюмэ, таму яна і не павінна зацыкліваць увагу чытача (нават калі вы маеце незвычайную электронную адрэсу, гэта не прымусіць прыняць вас на працу :). Асноўная частка рэзюмэ, мэта якой засяродзіць увагу чытача на вашай асобе, ідзе пасьля кантактнай інфармацыі.
2. Мэта – тут вы адзначаеце, чым хацелі б займацца. Вельмі добра, калі гэтая частка суадносіцца з тым, дзеля чаго вы падаеце дакументы, але не трэба адзначаць мэту вельмі катэгарычна (напрыклад, “атрымаць стыпендыю”), лепш напісаць, што вы збіраецеся вывучаць, калі атрымаеце гэтую стыпендыю. Калі вы пішаце рэзюмэ дзеля атрыманьня месца працы, лепш напісаць нешта накшталт “атрымаць пасаду …, дзе я магу выкарастаць такі мой вопыт і навыкі, як…”. Вы можаце выкарыстаць некалькі радкоў, каб усё падрабязна апісаць, але не забывайце, што вы павінны паказаць, што здолееце зрабіць для кампаніі больш, чым яна зможа зрабіць для вас. Напісаньне гэтай часткі можа вельмі марудна прасоўвацца, заняць пэўны час для разважаньня над тым, што дакладна вы тут збіраецеся напісаць.
3. Адукацыя – напісаньне гэтай часткі вельмі важна для студэнтаў, асобаў, якія толькі што атрымалі вышэйшую адукацыю. Пажадана выкарыстоўваць абратны храналічны парадак, так як больш важна даведацца, якую сьпецыяльнасьць вы атрымалі, чым якую сярэднюю школу скончылі. Але які б парадак вы не выбралі – храналагічны ці абратны – прытрымлівайцеся яго ўвесь час пры напісаньні свайго рэзюмэ. Паспрабуйце адзначыць свае дасягненьні падчас навучаньня ў школе: адзнакі (але не забудзьцеся прывесьці шкалу, так як яна можа адрознівацца ад той, да выкарыстаньня якой прывык чытач), назву сваёй дысертацыі, прыкладная дата атрыманьня дыплёма і г.д. Неабавязкова адзначаць у рэзюмэ ўсе прыведзеныя вышэй аспекты, толькі тыя, якія вылучаюць вас з лепшага боку. Не завышайце свае дасягненьні, ніколі не вядома, як дадзеная вамі інфармацыя будзе правярацца.
4. Атрыманыя ўзнгароды – гэты пункт павінен ісьці адразу пасьля інфармацыі пра вашу адукацыю. Тут вы адзначаеце атрыманыя стыпендыі, стажыроўкі за мяжой, узнагароды на конкурсах і г.д. Абавязкова напішыце дату (месяц), месца, назву, арганізатараў конкурса. Калі вы атрымлівалі стыпендыю на навучаньне за мяжой, адзначце часовыя рамкі, назву ўнівэрсітэта, факультэт, сьпецыялізацыю, назву ўстановы, якая дала вам стыпендыю.
5. Практычны вопыт - уключыце сюды інфармацыю аб месцах вашай працы. Абавязкова адзначайце перыяд працы і абавязкі, якія вы выконвалі. У выніку гэты пункт павінен прадставіць вас, як лідара, ініцыятыўную і крэатыўную асобу.
6. Дадатковая інфармацыя. Калі вы пішаце прафэсійнае, а не акадэмічнае рэзюмэ, тады адзначаеце ў гэтым пункце канферэнцыі ці нейкую іншую дзейнасьць па-за межамі навучальнай установы, пра якую (дзейнасьць) вы не далі інфармацыю вышэй. Дадатковая інфармацыя, якую вы напішаце, павінна “намаляваць” ваш партрэт лідара, асобы са сваёй ініцыятывай.
7. Валоданьне мовамі – сьпіс усіх моваў, на якіх вы размаўляеце з апісаньнем узроўня валоданьня. Калі вы скончввалі якія-небудзь моўныя курсы, ці ў вас ёсьць сертыфікат, ці вынікі TOEFL, адзначце гэта.
8. Валоданьне кампутарам – напішыце, з якімі праграмамі можаце працаваць, узровень валоданьня інтэрнэтам, тэкставымі рэдактарамі і г.д.
9. Хоббі – адзначце іх, калі на старонцы яшчэ засталося месца. Гэты пункт дапаможа прадставіць вас не толькі як працаўніка, але як асобу, якую цікавяць розныя рэчы. Не абавязкова адзначаць, што вы маеце калекцыю з 20000 марак, дастаткова напісаць, што вам падабаецца чытаньне ці альпінізм.
У рэзюмэ вы таксама можаце стварыць пункт са сьпісам асоб, якія маглі б даць вам рэкамендацыю (адзначце кантактную інфармацыю гэтых асобаў).
Інфармацыя з сайта www.eastchance.com