Навучаньне ў Польшчы падзяляецца на дзённае і вечаровае, можна вучыцца таксама завочна і экстэрнам. Але найбольш распаўсюджаным зьяўляецца, натуральна, дзённая форма навучаньня. Паступаць маюць права асобы, якія атрымалі атэстат аб сярэдняй адукацыі (паліцэйскім школам хапае толькі заканчэньня ліцэя). У кожным годзе вышэйшыя навучальныя ўстановы самі вызначаюць умовы паступленьня (уступны іспыт, конкурс па адзнаках у атэстаце, часам – асабліва ў прыватных навучальных установах – на падставе запісу).
У Польшчы ёсьць як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя вышэйшыя школы (апошнія мусяць быць зарэгістраваныя пры Міністэрстве адукацыі Польшчы). З 1998 году дзейнічаюць таксам дзяржаўныя і недзяржаўныя тэхнічныя школы. Гэтыя вучэльні абавязаныя забясьпечыць студэнту 15 тыдняў практыкі.
Пасля заканчэньня вышэйшай школы ў залежнасьці ад яе тыпу і абранай спэцыялізацыі можна атрымаць наступныя ступені:
- Ліцэнцыят – па сканчэньні 3 ці 3,5 навучаньня ў вышэйшай тэхнічнай школе.
- Інжынер – па сканчэньні вышэйшай тэхнічнай школы па тэхнічных, эканамічных ці сельскагаспадарчых спэцыяльнасьцях, навучаньне на якіх цягнецца 3,5 ці 4 гады.
- Магістар – па сканчэньні 5 год цэльнага магістарскага навучаньня. Навучаньне па мэдычных і вэтэрынарных спэцыяльнасьцях цягнецца 6 гадоў. Таксама ступень магістра можна атрымаць пасьля заканчэньня 2-2,5-гадовага дадатковага магістэрскага навучаньня, права на якое маюць асобы, што скончылі вышэйшую тэхнічную школу з ступеньню ліцэнцыята ці інжынера.
Каб вучыцца на дзённым аддзяленьні ў Польшчы, вам прыйдзецца выдаткаваць ад 300 да 1100 злотых (рэч ідзе не пра платнае навучаньне, а пра аплату свайго пражываньня). Самым дарагім будзе жыцьцё ў Варшаве і Познані, нашмат таньней у Торуні, Беластоку ці Любліне.
Карысныя спасылкі:
- www.powitanie.com.pl - на старонцы можна знайсьці шэраг файных парадаў, якімі крытэрамі лепш кіравацца пры выбары навучальнай установы, дзе і як шукаць жытло, дзе добра і танна пад’есьці, а таксама як здаваць іспыты. Акрамя таго там можна адшукаць інфармацыю пра тыпы ВНУ, навуковых ступенях, стыпэндыях, мажлівасьцяў дадатковай працы і г.д.
- www.aci.pl – адукацыйны партал. Тут кожны можа пабачыць досыць падрабязную прэзэнтацыю накірункаў познаньскіх ВНУ з праграмамі заняткаў, правіламі паступленьня і камэнтарамі навучэнцаў. Таксама на гэтай старонцы зьмешчаная інфармацыя пра вышэйшыя школы (дзяржаўныя і прыватныя) з усёй Польшчы. Што цікава, тут можна знайсьці падсумаваньні рэйтынгаў ВНУ з вядомых польскіх часопісаў.
- www.dlastudenta.pl - зьмяшчае інфармацыю пра ўсё, што датычыць студэнцкага жыцьця (адпачынак, ежа, культура, праца, мапы, расклад руху цягнікоў).
- www.planner.pl – пашуковік па ВНУ, пасьлядыплёмным навучаньні, МВА, а таксама прэзэнтацыя ўнівэрсытэцкіх гарадоў (у т.л. колькасьць насельніцтва, колькасьць студэнтаў, прыблізныя кошты на кватэры, сьпіс ВНУ і студэнцкіх арганізацыяў, інфармацыя пра кінатэатры і бары).
- www.student.ocochodzi.pl – тут вы знойдзеце шмат практычнай інфармацыі пра розныя накірункі навучаньня ад і для студэнтаў, старонка зьмяшчае таксама экзамэнацыйныя задачы і пытаньні з розных спэцыяльнасьцяў.
- www.studiuj.pl – інфармацыя непасрэдна з ВНУ (напрыклад, пра пляны Беластоцкага ўнівэрсытэту наконт адкрыцьця філіі ў Вільні). Тут таксама інфармацыя пра ВНУ, рэйтынгі, характарыстыка спэцыяльнасьцяў, абвесткі аб курсах. Найбольшы ў Польшчы пашуковік па ВНУ. Досыць файная старонка, якую варта наведаць.









далучайцеся да нас