ТВАРЫ АДУКАЦЫІ

Усе галерэі

КАЛЯНДАР

2012
Травень
П 7142128
А18152229
С29162330
Ч310172431
П4111825 
С5121926 
Н6132027 

АПЫТАННЕ

У якой краіне вы хацелі б вучыцца?
Міжнародны Вышаградскі фонд: кароткая інструкцыя па танцах з бубнам для неспрактыкаваных
Міжнародны Вышаградскі фонд: кароткая інструкцыя па танцах з бубнам для неспрактыкаваных

Калі раптам Вы ўжо дыпламаваны спецыяліст і Вам захацелася працягнуць адукацыю ў лепшых еўрапейскіх традыцыях – за чужыя грошы і з выездам – ёсць сэнс задумацца пра які-небудзь добры стыпендыяльны фонд. “Міжнародны Вышаградскі фонд” (шукайце яго тут) ужо на працягу некалькіх год выдзяляе стыпендыі для навучання беларусаў у краінах Вышаградскай групы (Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя).

У рамках фонду існуюць розныя віды грантаў: малыя, стандартныя, стратэгічныя – і стыпендыі на навучанне па магістарскіх і кандыдатскіх праграмах. Звычайна магістарскія і кандыдатскія стыпендыі (“Master’s and Post-Master’s scholarships”) прызначаюцца на тэрмін ад 1 да 2 семестраў. Аднак, магістарская стыпендыя ў навучальных установах краіны Вышаградскай групы можа быць прызначаная на тэрмін да чатырох семестраў.

Я апрабавала на сабе менавіта такую магістарскую стыпендыю ад фонда, таму менавіта пра яе распавяду падрабязней. Адразу скажу, наяўны вынік – магістратура ў Варшаўскім універсітэце з прызначэннем стыпендыі ад “Вышаградскага фонда”.

Перш за ўсё, варта перачытаць п’есу “Слуга двух гаспадароў”, таму што акурат такі лёс на час перамоваў з вышэйшымі інстанцыямі (то бок амаль на год) чакае спашукальніка. Ужо потым варта перайсці да ўважлівага чытання афіцыйнага сайта фонда, балазе там усё распісана пакрокава і нават месцамі падрабязна. Інструкцыі – тут.

“Вышаградскі фонд” з 2009 года рэалізуе спецыяльную праграму для беларускіх студэнтаў, атрымліваецца, што канкураваць за яе атрыманне спашукальнік будзе толькі са сваімі землякамі, што, прынамсі колькасна, змяншае кола канкурэнтаў. Беларусам пры падачы заяўкі на такую праграму выбіраць ВНУ можна толькі з краін Вышаградскай групы.

А далей – па пунктах!

1) Праверым сябе. Калі мы выбіраем магістарскую праграму, то выбранаму універсітэту трэба будзе прадставіць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Пры высыланні дакументаў (то бок на 31 студзеня) фонд прыме даведку аб акадэмічных выніках на бягучы момант, але не пазней за 15 ліпеня трэба будзе даслаць у фонд завераную і перакладзеную на ангельскую мову копію дыплома. Варта хаця б прыблізна ведаць час атрымання дыплома.

2) Вызначымся. Стыпендыі прызначаюцца на рэалізацыю пэўнага даследавання. Таму перад пошукам універсітэта, трэба хаця б прыкінуць, чым бы хацелася б заняцца на магістарскай праграме. Можна параіцца, напрыклад, з навуковым кіраўніком з універсітэта, пашырыць тэму дыпломнага даследавання, альбо прыдумаць нешта на падставе спецыялізацыі выбранага загадзя ўніверсітэта ці навуковага кіраўніка (калі ўжо існуе такі “універсітэт мараў” і “навуковы кіраўнік патаемных сноў”).

3) Шукаем універсітэт. Правілы гульні такія: спашукальнік мусіць даслаць у фонд афіцыйны ліст ад універсітэта, у якім плануе навучацца. Ліст мусіць сцвярджаць, што пры ўмове атрымання стыпендыі ад фонда і ўдалым праходжанні ўступных выпрабаванняў (калі такія маюцца), спашукальнік будзе прыняты ў стройныя шэрагі студэнтаў. Вось тут можна пачытаць у падрабязнасцях, што гэта за ліст такі і што там мусіць быць абавязкова. І пачынаецца самае цікавае – пачынаем шукаць. Легенда гаворыць, што адзін хлопец даслаў каля сотні лістоў у сотні ўніверсітэтаў, змарнаваў гадзіны і дні, але, урэшце, меў з чаго выбіраць. Здавалася б, вялікія ўніверсітэты ведаюць, што Вышаградскі фонд – гэты добрыя грошы ў іх бюджэт, і ў іх сакратарыятых нават ёсць асоба, якая займаецца адмыслова пытаннямі стыпендыятаў адтуль. Але так бывае не заўсёды. Не саромцеся высылаць вялікую колькасць лістоў, пытайцеся, да каго б можна было звярнуцца, распавядайце пра свае планы і магчымы праект, прасіце дапамогі. Пішыце ў некалькі ўніверсітэтаў, у дзесяткі ўніверсітэтаў, калі хочаце. І пачынаць гэта рабіць лепш загадзя, бо дэдлайн – абвядзіце яго чырвоненькім – 31 студзеня. І вядома, памятаем пра мову навучання. Мовай навучання будзе альбо ангельская (для выбраных спецыяльнасцей, залежна ад універсітэта), альбо мова той краіны, у якой універсітэт знаходзіцца. Пагадзіцеся, дастаткова цяжка будзе з месца ў кар’ер вывучыць венгерскую і напісаць якасную (ды і не надта якасную) магістарскую працу па-венгерску.

Можна скарыстацца спісам універсітэтаў, прадстаўленым на сайце Вышаградскага фонда.

4) Збіраем паперкі! Без сумневаў, адзін з самых салодкіх пунктаў. Калі Вы ўжо завалодалі прыгожанькім лістом ад універсітэта вашай мары (ці ад таго, у сакратарыяце якога працуюць аператыўныя людзі), трэба пачынаць збіраць неабходныя для фонда паперкі. І, дарэчы, адразу ж пазнаёмцеся са спісам дакументаў, якія будзе патрабаваць ад Вас універсітэт на ўступнай кампаніі. А для “Вышаградскага фонда” нам спатрэбяцца:

  • а) перакладзеная і завераная копія дыплома (ці акадэмічнай даведкі, калі дыплома яшчэ няма);
  • б) той самы ліст з універсітэта;
  • в) спіс прадметаў і дысцыплін, якія спашукальнік (у дадзеным выпадку спашукальнік магістарскай стыпендыі) плануе вывучаць падчас рэалізацыі сваёй праграмы. Тут можна скарыстацца прыкладнымі акадэмічнымі планамі выбранай спецыяльнасці, яны звычайна знаходзяцца на сайце факультэта.

Уся «парочная» перапіска з фондам вядзецца выключна на ангельскай мове! Нават калі Вы ведаеце славацкую! Таму давядзецца рабіць пераклады. Ёсць невялікі хітрык: перакладаць акадэмічныя даведкі будзе танней ў аддзеле па міжнароднай працы роднага ўніверсітэта (прынамсі, БДУ такімі справамі займаецца).

4-a) Для “постмагістарскіх” праектаў патрабуецца падаць таксама завераны выбраным для праграмы ўніверсітэтам індывідуальны план работы і рэкамендацыйны ліст ад асобы з таго ўніверсітэта, у якім спашукальнік навучаецца на момант падачы заяўкі.

5) Запаўняем анлайн форму! Без гэтай формы ўсе дасланыя паперкі згараюць. Акурат тут давядзецца дакладна распісаць свой праект і разрэкламаваць свае дасягненні. І памятаем, што ўсё па-ангельску. Рэгістрацыя ў анлайн-сістэме пачынаецца за 2 месяцы да дэдлайну, 1 снежня. У анлайн форму трэба будзе дадаць ПДФ-версіі патрабаваных дакументаў, так што не высылайце іх поштай, як толькі будзеце мець на руках. Праверце, ці спраўна ў Вас атрымліваецца змяняць фармат адсканаваных файлаў, гэта можа заняць трохі часу. Сістэма электроннай рэгістрацыі прысвоіць Вам ID. Гэтыя лічбы трэба адразу ж дзе-небудзь запісаць-запомніць-вытатуіраваць, бо ва ўсіх кантактах з фондам трэба пазначаць іх. Заўсёды! Таму татушка!

6) Калі выбраны праз Вас універсітэт знаходзіцца далей, чым за 1500 км ад родных ніў і роднай хаты, ёсць магчмасць атрымаць грант на падарожжа. Гэта трэба пазначыць у анлайн форме.

7) Пацвярджаем анлайн форму, друкуем яе, падпісваем уласнаю рукою і дадаем да агульнага пакета дакументаў. Пяшчотна заклейваем канверт, клеім маркі, уважліва перапісваем адрас і адсылаем заказным лістом (так мы зможам праз сайт белпошты сачыць за перамяшчэннем паперак).

8) Сядзім і чакаем вынікаў, не вышываем крыжыкам, а пішам, калі трэба, дыплом і ўважліва сочым за навінамі ў выбраным універсітэце. Некаторыя ўніверсітэты маюць электронную сістэму рэгістрацыі, таму важна не прапусціць яе тэрміны, а таксама ўзгадняць свае планы з дэдлайнамі ўступнай кампаніі. Вынікі абвяшчаюцца ў траўні.

І калі ўжо ўсё склалася найлепшым чынам, калі вашыя танцы з бубнам займелі поспех, рана расслабляцца!

Праверце тэрмін прыдатнасці пашпарта, гэта вельмі важна. Перад тым, як Вам будзе дасланы канктракт, Вы мусіце даслаць у фонд копію дыплома (акурат тут важны тэрмін, калі ж Вам аддадуць яго на рукі) і канчатковае рашэнне ўніверсітэта аб прыняцці на навучанне. Часта трэба выправіцца ў гэты ўніверсітэт, каб прайсці сумоўе ці здаць нейкі іспыт, акрамя таго ўніверсітэт таксама патрабуе копію дыплома (перакладзеную на мову краіны, дзе ён знаходзіцца) і шэраг іншых дакументаў. Будзьце да гэтага гатовыя. І зноў-такі памятайце, што ўсе дакументы мусяць дасылацца ў англамоўнай версіі і з пазначаным ID.

Падпісаўшы кантракт (спярша, вядома, прачытайце яго ўважліва), таксама не расслабляйцеся! Шукайце жытло, дбайце пра дакументы на візу. Фонд дашле спецыяльнае пацверджанне пра прысваенне стыпендыі, яно спатрэбіцца ў консульстве, як і пацверджанне пра прыняцце на навучанне з універсітэта.

І, што таксама вельмі важна, ужо па прыездзе на месца, Вы мусіце стварыць банкаўскі рахунак, куды б фонд пералічваў грошы. А таксама звярнуцца да адміністрацыі ўніверсітэта (лепш да той асобы, з якой Вы ліставаліся ўвесь гэты доўгі час) па пацвярджэнне аб прыбыцці на месца навучання. Гэта фінальная паперка, без якой стыпендыя не будзе пералічаная.

Не забудзьцеся, што па атрыманні стыпендыі трэба вучыцца і здаваць экзамены :)

Ну, вось і ўсё, хлопчыкі і дзяўчынкі!

Наперад, да працы!

Алінка Вадзічка для http://adukacyja.info/.

Каментары (1)