КАЛЯНДАР

2012
Травень
П 7142128
А18152229
С29162330
Ч310172431
П4111825 
С5121926 
Н6132027 

АПЫТАННЕ

У якой краіне вы хацелі б вучыцца?
Аляксандр Лагвінец “Наша місія – еўрапеізацыя моладзі”
Аляксандр Лагвінец “Наша місія – еўрапеізацыя моладзі”

Курс “Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Еўрапейскага звязу” у пяты раз праводзіцца ў Менску па ініцыятыве Аляксандра Лагвінца пры падтрымцы Беларускага Калегіюму і Таварыства Беларускай Мовы.

– Пяты раз Вы распачынаеце курс, прысвечаны еўрапейскай інтэграцыі. Ці можна ўжо казаць пра нейкія поспехі?

– Канешне. Найболей яркая праява – гэта стыпендыі, якія атрымліваюць слухачы курсу пры паступленні як раз на навучанне па еўрапейскіх даследаваннях, і іх словы падзякі за веды, атрыманыя дзякуючы курсу. Многія студэнты кажуць, што яны, працягваючы сваё навучанне, карыстаюцца матэрыяламі, якія яны атрымалі ад мяне на дыску, і для мяне гэта вельмі важна.

– У якіх ВНУ Вашыя студэнты працягваюць адукацыю?

– Студэнты вучацца ў Каледжы Еўропы, у магістратуры Варшаўскага універсітэту, у Швецыі ды Нямеччыны, у Францыі. Цяпер адна студэнтка вучыцца на еўрапейскіх даследаваннях у Даніі. Гэтым летам па выніках чатырох гадоў выкладання я разаслаў анкету, каб слухачы ацанілі курс і ягоную выніковасць. Я вельмі быў задаволены адказамі. У мяне ў спісе кантактаў было дзесьці пад 170 электронных адрасоў, даслалі свае адказы больш за 40 чалавек. Частка з іх сапраўды паспяхова скончылі магістратуру за мяжой, частка ўжо працуе тут, у Беларусі і таксама займаецца еўрапейскімі пытаннямі. Ёсць журналісты Еўрапейскага радыё для Беларусі. Ёсць людзі, якія працуюць у грамадскіх арганізацыях. Ёсць тыя, што паспяхова працуюць у вядомых юрыдычных фірмах.

– На арганізацыйным сходзе я бачыла шмат жадаючых. Гэта паўтараецца штогод?

– Так, пачатак звычайна вельмі натхняльны, потым, што тыпова для ўсіх курсаў на выбар, застаецца ад траціны да чвэрці. Трэба быць рэалістам. Будзе добра калі з гэтых 30, плюс 10 што запісаліся праз электронную пошту, у суме з 40 чалавек застанецца 15. Гэта будзе нядрэнны вынік, мне здаецца прыкладна тое ж адбываецца ў выпадку Беларускага Калегіюму.

– Чым Вы патлумачыце такую цікавасць моладзі да курса?

– Гэта вельмі модная тэма. Быць можа, я памыляюся, але мне здаецца, курс дазваляе даведацца пра Еўрапейскі звяз і навучанне ў Еўрапейскім звязе і можа стаць прыступкай да наступнага навучання. Такі курс можна знайсці ў любым еўрапейскім універсітэце, дзе выкладаецца паліталогія.

– Мэта курса – даць інфармацыю пра ЭЗ, а як бы Вы апісалі місію курса?

– Галоўная – еўрапеізацыя моладзі. Каб яны адчулі сябе еўрапейцамі і не адчувалі сябе людзьмі, якія знаходзяцца на ўзбочыне. У нас цудоўная моладзь, мы нічым не адрозніваемся ад іншых краінаў. Ёсць пэўная асаблівасці ды вядомыя абмежаванні, але гэта іншае пытанне. Місія – даць моладзі адчуць пэўную свабоду, свабоду мыслення, вядома. Усе астатнія свабоды яны могуць самі адчуць дзе заўгодна, калі пажадаюць. Бачу ў курсе нават дзве місіі: з аднаго боку, гэта еўрапеізацыя моладзі, а з іншага – гэтае ўсё ж выхаванне грамадзянскага патрыятызму ў маладых беларусаў, каб яны адчувалі гонар за сваю краіну і ведалі, што мы нічым не адрозніваемся ад іншых. Урэшце, што мы еўрапейцы толькі тады, калі мы па-сапраўднаму беларусы.

Каментары (0)