АПЫТАННЕ

У якой краіне вы хацелі б вучыцца?
Міжнародны адукацыйны цэнтр у Менску

У 2011 споўніцца 17 гадоў, як Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Йаханэса Рау (IBB), займаецца адукацыйнымі праграмамі для беларусаў. Аб дзейнасці цэнтра распавядаюць старшыня дырэкцыі Віктар Балакіраў і кіраўнік Школы журналістыкі Даратэя Вольф.

– Што такое IBB сёння і якая гісторыя яго з'яўлення ў Беларусі?

Віктар Балакіраў: Ідэя будаўніцтва цэнтра з'явілася яшчэ ў 1991 годзе як сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства. А адкрыліся мы ў 2004. IBB – не проста адукацыйны цэнтр, але, як мы яго завем, мост паміж Беларуссю і Нямеччынай, паміж Захадам і Ўсходам. Асноўная наша мэта – садзейнічаць збліжэнню Беларусі і Нямеччыны, каб пераадолець мінулы негатыўны досвед у нашай супольнай гісторыі. Але перш, чым мы адкрыліся, нямецкі бок даручыў калектыву даследнікаў Беларусі правесці навукова-даследчую працу, каб высветліць, якія ёсць дэфіцыты ў сферы адукацыі Беларусі для дарослых. У выніку эксперты пастанавілі: неабходна развіваць кірункі ўзаемаадносін і прымірэння Беларусі і Нямеччыны, міжканфесійны дыялог, замежную палітычную дзейнасць, працу СМІ, сацыяльную працу і энергазахаванні і абароны навакольнага асяроддзя. У цэнтра таксама антыядзерная скіраванасць, таму мы дагэтуль штогод праводзілі міжнародныя канферэнцыі на тэму наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Даратэя Вольф: IBB – гэта мост не толькі паміж Беларуссю і Нямеччынай, але і паміж рознымі структурамі ўнутры краіны. У нас вельмі шмат экспертаў з дзяржаўных адукацыйных структур Беларусі, а таксама з сферы NGO.

– Як адбываецца арганізацыя семінараў і адукацыйных мерапрыемстваў?

Даратэя Вольф: склад удзельнікаў тых або іншых семінараў складаецца такім чынам, каб будаваўся дыялог паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі. 50% на 50%. Таксама імкнемся запрашаць 50% удзельнікаў з Менска, 50% – з рэгіёнаў. 50 % пажадана мужчыны, 50% – жанчыны. Ёсць людзі, якія стала працуюць над пэўнай тэмай, а ёсць семінары, на якія мы першапачаткова запрашаем усіх жадаючых, а потым на конкурснай аснове адбіраем. Адукацыйныя праграмы выпрацоўваюцца сумесна немцамі і беларусамі. У нас ёсць штат супрацоўнікаў, які дэталёва ўсё распрацоўвае. Пры гэтым усе адукацыйныя семінары праходзяць бясплатна. У год агульны аб'ём фінансавання складае каля 1млн. даляраў. 10 снежня пад Мюнхенам адбудзецца збор усіх удзельнікаў і там будуць абмяркоўвацца праграмы і семінары на будучы год. Таксама адукацыйныя семінары імкнуцца да таго, каб іх наведала як мага большая колькасць людзей.

– Якая мэта вашых семінараў і якія патрабаванні вы прад'яўляеце да ўдзельнікаў?

Даратэя Вольф: Асноўная мэта – павысіць кваліфікацыю, асвоіць ноў-хау, якія ёсць на Захадзе і ўсталяваць кантакты з замежнымі калегамі. У якасці выкладчыкаў у нас есць як тутэйшыя прафесіяналы, так і замежныя – з высокім узроўнем адукацыі. Іх кваліфікацыя для нас з'яўляецца вырашальным фактарам. Што датычыцца патрабаванняў, папрыклад, каб маладому журналісту паехаць у замежную адукацыйную паездку, мы абавязкова патрабуем, каб ён прынёс ад рэдакцыі пацверджанне абавязковай публікацыі па выніках паездкі. Для ўдзелу ў нашых семінарах пажадана, каб ён ужо недзе працаваў. Працоўных дамоў у нас няма з людзьмі, але бывае, што мы адразу ўсталёўваем нейкія дамоўленнасці.

– Хто можа ўдзельнічаць у вашых адукацыйных праектах?

Віктар Балакіраў: У якасці ўдзельнікаў мы запрашаем сведак ваенных падзей, актыўную моладзь, студэнтаў, якія маюць свае меркаванні ці досвед у пэўных пытаннях; палітыкаў, журналістаў, экспертаў, гісторыкаў, а таксама тых, хто працуе ў сумесных грамадзкіх праектах.

– Якія адукацыйныя праграмы карыстаюцца найбольшай папулярнасцю?

Віктар Балакіраў: Асноўны акцэнт у сферы адукацыйнай дзейнасці ММОЦ ставіцца на такіх тэмах як «Паразуменне і прымірэнне», «Беларусь і Еўропа», «Школа журналістыкі», «Царква і грамадства», а таксама «Чалавек і навакольнае асяроддзе». Сумесна з Дортмундскім Міжнародным адукацыйным цэнтрам ММОЦ таксама штогод уладкоўвае партнёрскія канферэнцыі для грамадскіх аб'яднанняў і грамадзянскіх ініцыятыў з Нямеччыны і Беларусі і каардынуе рэалізацыю Праграмы падтрымкі Беларусі федэральнага ўрада Нямеччыны.

Паколькі ў міры цяпер існуе энергетычны крызіс, падвышаюцца кошты на энерганосьбіты, скарачаюцца традыцыйныя крыніцы энергіі, то найбольшую папулярнасць зараз набываюць семінары і праекты па экалогіі і энергетыцы. Тут у прыярытэце абмеркаванне энергетычнай бяспекі Беларусі. Дарэчы, цяпер арганізуецца адукацыйная паездка для нямецкіх журналістаў у Беларусь на тэму “Праблема экалогіі і энергетыкі” (25 гадоў пасля Чарнобыля).

Каля 10 гадоў мы праводзім семінары, прысвечаныя межканфесійнаму дыялогу. Напрыклад, паміж святарамі розных канфесіяў. Працуем рознаканфесійнай моладдзю. У такіх семінарах удзельнічаюць прадстаўнікі каталіцкай, праваслаўнай і евангелічнай (лютэранскай) праваслаўных цэркваў. У наступным годзе яны будуць абмяркоўваць тэму ўзаемаадносін паміж навукай і рэлігіяй, навуку, рацыянальнасць і веру, этычныя праблемы сучаснай навукі ў яе ўзаемаадносінах з царкоўнай мараллю і г.д.

Усё актыўней развіваецца праект"гістарычная майстэрня" , нягледзячы на тое, што ён існуе ўжо 8 гадоў. Праект быў створаны для беларускіх гісторыкаў, якія займаюцца перадусім ваеннай гісторыяй. У цэнтры ўвагі – другая сусветная і Вялікая Айчынная войны. Тут нават вылучыліся дзве вялікія тэмы: менскае гета і канцлагер "Трасцянец". Можна сказать, што пачалося вывучэнне гісторыі мінскага гета пасля такго, як аднойчы выявілі апошні будынак на тэрыторыі гета. Гэта была руіна, якую аднавілі за 30-40 тысяч эўра. Цяпер тамака знаходзіцца экспазіцыя, прысвечаная гета. У рамках адукацыйнай праграмы "Гістарычная майстэрня" з гэтай інфармацыяй можна азнаёміцца падрабязней.

У праекце таксама разглядаюцца такія тэмы, як жанчына на вайне, дзеці на вайне. У наступным годзе будзе тэма, на якой доўгі час было табу - "Калабарацыя ў Беларусі". Гісторыкі-германісты, напрыклад, займаюцца тэмай "Злачынныя загады і іх выкананне вайскоўцамі і грамадзянскімі органамі ў Беларусі ў 41-44м гадах". Не так даўно з’явілася яшчэ адна тэма – недатыкальнасці магіл па габрэйскіх і беларускіх традыцыях. Паўстала яна ў сувязі з тым, што гістарычная майстэрня знаходзіцца на тэрыторыі габрэйскіх могілак, і паколькі там плануецца пабудова трэцяй лініі метро, мяркуецца, што могуць закрануць нейкія гістарычныя месцы. Хуткім часам мы плануем запрасіць экспертаў-горадабудаўнікоў, архітэктараў у наступным годзе і пагаварыць, якое жа ёсць заканадаўства ў Нямеччыне, Ізраілі і Беларусі, якое прадугледжвае нейкія пункты для захавання пахаванняў на працягу нейкага часу.

– Якія яшчэ семінары вы плануеце правесці ў будучым годзе?

Віктар Балакіраў: Гэта будзе цыкл семінараў па сацыяльнай замове для сацпедагогаў, якія працуюць у сацыяльных тэрытарыяльных цэнтрах. У Беларусі сацыяльнай працай займаюцца толькі дзяржаўныя ўстановы, а грамадскія аб'яднанні не маюць права, напрыклад, працаваць з інвалідамі. Але у Заходніх краінах ёсць закон аб сацыяльнай замове, г.зн, калі ёсць нейкая сацыяльная праграма, то ў конкурсе на атрыманне фінансавання ўдзельнічаюць усе – і дзяржаўныя і недзяржаўныя структуры. У нас пакуль такога закона няма.

Таксама мы плануем абмеркаваць закон аб дабрачыннасці, аб якой у Беларусі няма паўнавартаснага закона. На Захадзе, калі фірма вылучае грошы на дабрачыннасць, яе вызваляюць ад падаткаў на гэтую суму. У нас пакуль гэтага няма. Будзем абмяркоўваць і даказваць, каб у канчатковым выніку гэты закон прынялі.

Будзем праводзіць вялікая партнёрскую канферэнцыю – "25 гадоў пасля Чарнобыля і далягляды энергетычнай палітыкі ў Еўропе".

Яшчэ ў планах – цыкл семінараў па лініі "Усходняга партнёрства". Да ўдзелу, дарэчы, запрашаем студэнтаў і выкладчыкаў Факультэта Міжнародных Стасункаў БДУ. У семінарах таксама будуць ўдзельнічаць прадстаўнікі МЗС, дыпламаты, прадстаўнікі пасольстваў – усе, хто працуе ў сферы міжнародных стасункаў.

Даратэя Вольф: Клуб журналістаў у будучым годзе чакае 3 віды працы – СМІ у сучасным свеце, сучасныя тэндэнцыі развіцця СМІ у розных еўрапейскіх краінах, а таксама формы падрыхтоўкі журналістаў (будзем прасіць супаставіць іх адмыслоўцамі факультэта журналістыкі, проста пішучых журналістаў, а таксама членаў БСЖ і БАЖа).

Семінары плануем працягнуць і па вэб-журналістыцы, лакальнай і рэгіянальнай журналістыцы, а таксама з'явіцца новы кірунак – эканамічная і палітычная журналістыка.

Гутарыла Кацярына Сінюк

Каментары (0)