Студэнтскія аб’яднанні і арганізацыі – з’ява вельмі распаўсюжданая ў сучаснай адукацыйнай прасторы, таму характар і масштаб іх дзейнасці носіць даволі розны характар: ад студэнтскіх прафсаюзаў унутры навучальнай установы да нацыянальных і міжнародных аб’яднанняў. Роля апошніх асабліва вялікая ў краінах, дзе значны ўплыў мае нефармальная адукацыя. Даволі часта арганізацыі такога кшталту маюць свой светапогляд і каштоўнасці.
У Еўропе існуе шэраг студэнтскіх аб’яднанняў, такіх як AIESEC, BEST, AEGEE і іншых, якія садзейнічаюць абмену паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей і культур шляхам разнастайных мерапрыемстваў і праектаў. Напэўна, найбольш буйной і прадстаўнічай з’яўляецца арганізацыя AIESEC, кіраўнікамі якой з’яўляюцца выключна студэнты і былыя выпускнікі. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў галандскім горадзе Ратэрдам, а лакальныя камітэты існуюць у 107 краінах свету і аб’ядноўваюць прыкладна 1700 універсітэтаў. Некалі свой лакальны камітэт AIESEC быў і ў Беларусі, але зараз ён прыпыніў сваю дзейнасць. У нашых бліжэйшых суседзяў: асабліва ў Польшчы, Расіі, ва Украіне, а таксама ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе AIESEC актыўна працуе і развіваецца.
Асноўны кірунак дзейнасці гэтай студэнтскай арганізацыі – рэалізацыя міжнародных праграм стажыровак. Прыкладна 80 працэнтаў – гэта так званыя сацыяльныя стажыроўкі, якія з’яўляюцца валанцёрскай работай у сацыяльнай сферы: праца ў летніках, ўдзел у адукацыйных мерапрыемствах і іншае. Таксама існуюць камерцыйныя стажыроўкі, якія праходзяць у кампаніях той краіны, куды стажор накіроўваецца. За стажыроўку такога кшталту прадугледжваецца заробак. Прычым, каб паехаць на стажыроўку не абавязкова быць чальцом AIESEC. Чалавека, які едзе на стажыроўку ўвесь час суправаджаюць “айсекеры” таго лакальнага камітэту, куды ён трапіў. Трэба паказвае, што стасункі ўнутры арганізацыі маюць вельмі нефармальны характар, таму што, перш за ўсё, дзейнасць AIESEC накіравана на здабыццё сяброў і новых кантактаў па усім свеце, і галоўны прынцып, які імкнуцца ажыццявіць удзельнікі арганізацыі – “Мір і рэалізацыя чалавечага патанцыялу”.
Яшчэ адной важнай галіной дзейнасці з’яўляецца правядзенне рознага кшталту праектаў. Увогуле, AIESEC дае магчымасць ажыццявіць праеты на аснове самых розных ідэй, але ў апошні час гэта праекты, якія маюць дачыненне да нефармальнай адукацыі, сацыяльнай дапамогі і экалогіі. Кожны можа скласці план на падставе нейкай сваёй ідэі, набраць сабе каманду і прыступіць да рэалізацыі. Падчас праекту можна атрымаць каштоўны досвед працы ў камандзе, супрацы з дзяржаўнымі і камерцыйнымі структурамі, фандрэйзінгу – усяму, што спрыяе развіццю лідэрскага патанцыялу асобы.
Набор у AIESEC праводзіцца два разы на год на падставе ролевых гульняў. Абавязковай умовай удзелу з’яуляецца валоданне ангельскай мовай. Ніякіх грашовых узносаў няма, бо адной з рыс гэтай арганізацыі з’яўляецца самастойны пошук фінансавання – фандрэйзінг. Трэба адзначыць, што сярод спонсараў арганізацыі, акрамя лакальных кампаній, ёсць Alcatel, Cadbury Schweppes, DHL, Facebook, HP, Microsoft, Cisco Systems і іншыя.
Безумоўна, адна з галоўных мэт студэнцкіх арганізацый такога кшталту з’яўляецца здабыццё разгалінаванай базы кантактаў для далейшай прафесійнай дзейнасці і проста нефармальных стасункаў. Таксама гэта і магчымасць здабыць рэальныя практычныя веды і навыкі, якія вы можаце не атрымаць падчас навучання ва ўніверсітэце.
Больш інфармацыі пра дзейнасць арганізацыі і яе гісторыі на афіцыйным сайце: http://www.aiesec.org/.










далучайцеся да нас