
Як патрапіць на стажыроўку ў канцылярыю прэзідэнта Рэчы Паспалітай ці ў Нацыянальны Банк Польшчы – пра гэта і пра праграму Лэйна Кіркланда распавядае стыпендыят Віталь Каратыш.
- Калі Вы прымалі ўдзел у праграме?
- Па стыпендыяльнай праграме імя Л.Кіркланда я вучыўся ў 2009-2010 гг.. Праграма прадугледжвае навучанне ў Польшчы на працягу 9 месяцаў, але яе можна падоўжыць стажыроўкай, таму некаторыя заставаліся на 10, 11 нават 12 месяцаў, яны працягвалі вучобу, стажыруючыся ў нейкай арганізацыі.
- Ці хапіла часу?
- Мала, вядома. Мне хацелася павучыцца даўжэй.
- Праграма Кіркланда, як вынікае з яе апісання, “адрасавана маладым лідэрам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўленыя ў развіцці дэмакраты, гаспадаркіі і грамадзянскай супольнасці ў сваёй краіне і ў рэгіёне”. Усё гэта сапраўды пра Вас?
- Мне б хацелася думаць, што так. Сапраўды, у праграму прымаюць спецыялістаў у пэўных галінах. Гэта значыць у чалавека павінен быць досвед працы ў той сферы, у якой ён будзе праводзіць даследаванне і абараняць яго. Затым яго чакае стажыроўка ў той жа сферы дзейнасці. Мая спецыялізацыя была “public administration”. Кажучы па-беларуску - дзяржаўнае кіраванне. Досведу непасрэдна ў дзяржаўным кіраванні перад паездкай у Польшчу ў мяне не было, але я скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне", займаўся палітыкай доўгі час і працаваў у грамадскіх арганізацыях у Беларусі.
- У 2008 годзе Вы балатаваліся ў дэпутаты Парламента. Гэта дапамагло Вас стаць стыпендыятам праграмы?
- Так, я балатаваўся – быў кандыдатам ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл у Лунінецкім раёне. На жаль, на выбарах не перамог. Але я думаю, гэтая спроба была адным з важкіх чыннікаў для удзелу ў праграме. Спроба балатавацца ў мясцовыя улады – гэта адно, а ўзровень парламента – гэта зусім іншае. Польскі бок, камісія, успрыняла гэта сур'ёзна, і гэта моцна паўплывала на тое, што мяне прынялі ў праграму менавіта на гэтую спецыяльнасць.
- Ці адрозніваецца праграма, арыентавана на лідэраў і спецыялістаў, ад звычайнай студэнцкай праграмы?
- Я лічу, праграма Кіркланда адрозніваецца ад звычайных стыпендый і праграм тым, што патрабуе больш практычнага досведу ў пэўнай галіне і дае больш практычнага досведу, таму што асноўны ўпор робіцца менавіта на практычную частку. Мы вольна выбіраем сабе курсы, вызначаючы тое, што хочам даведацца. Для стажыроўкі мы выбіраем месца, дзе хацелі б працаваць. Мы выбіралі, кіраўніцтва праграмы дамаўлялася. І трэба аддаць належнае кіраўніцтву: яны "прабіваюць" любы ўзровень. Да прыкладу, некаторыя праходзілі стажыроўку ў канцылярыі прэзідэнта Рэчы Паспалітай, тыя, каму гэта было цікава, праходзілі стажыроўку ў Нацыянальным банку. Праграма забяспечвае любы ўзровень.
- А дзе праходзілі стажыроўку Вы?
- На жаль, па асабістых чынніках – я быў заняты сваёй кампаніяй на мясцовых выбарах – мне не хапіла часу сур'ёзна заняцца стажыроўкай. І я задаволіўся проста працай у Любліне ў НДА, і, акрамя таго, у камерцыйнай арганізацыі, якая займаецца супрацоўніцтвам публічнай адміністрацыяй і НДА. Тэма маёй даследчай працы складалася ў супрацоўніцтве дзяржаўных структур і недзяржаўных арганізацый, і таму стажыроўкі ў гэтых арганізацыях мне было дастаткова, хоць і хацелася большага… Але гэта ўжо мае персанальныя недапрацоўкі, што я не змог выйсці на больш высокі ўзровень.
- Якімі якасцямі трэба валодаць, каб быць паспяховым у гэтай праграме?
- Гэтая праграма для лідэраў. Чалавек павінен быць лідэрам, умець прымаць рашэнні. Гэта не звычайная вучоба ў ВНУ, каледжы, дзе цябе прымушаюць нешта рабіць, дзе ты абавязаны здаваць залікі, дзе ёсць пераздачы і абавязковая яўка на ўсе лекцыі. Праграма Кіркланда адрозніваецца нават ад вучобы ў еўрапейскім ВНУ. Мы выбіралі прадметы самі, цалкам фармавалі свой расклад курсамі не абавязкова з нашай спецыяльнасці. Нават калі гэта не было звязана з той, працай, якую мы пісалі, але па нейкіх чыннікам нам гэта было цікава - мы выбіралі адпаведны прадмет. Не абавязкова было з'яўляцца на ўсе заняткі, не было ніякіх іспытаў альбо пісьмовых тэстаў. Выкладчыкі проста адзначалі, што студэнт праслухаў гэты курс. А асноўны ўпор, як я ўжо казаў, рабіўся на практычную частку.
- Што аказалася самым каштоўным для Вас?
- Вучоба мне дала практычныя навыкі, трохі тэарэтычных ведаў. Але найважнейшае, што я набыў, гэта персанальныя кантакты з прафесіяналамі з Украіны, Казахстана, Расеі, Беларусі, Грузіі, Арменіі, Азербайджана. Гэта інтэрнацыянальная праграма і яе моцны бок – гэта тое, што яна дае персанальныя сувязі. І я ведаю, што зараз, калі мне спатрэбіцца інфармацыя, кансультацыі, па адным пытанні я магу звярнуцца да аднаго чалавеку, па іншым – да другога. У нас фармуецца даволі шчыльнае супрацоўніцтва пасля заканчэння праграмы.










далучайцеся да нас