
Андрэй Янкавец, выпускнік факультэта міжнародных адносінаў БДУ, стыпендыят ГФПС 2008-2009 гг., распавядае пра навучанне ў Нямеччыне.
Як прыйшло разуменне неабходнасці атрымання вышэйшай адукацыі за мяжой?
Шчыра кажучы, ідэя атрымаць адукацыю за мяжой у мяне з'явілася толькі зараз. А мая паездка ў Берлін - была толькі паездкай на 1 семестер. То бок я быў удзельнікам праграмы, якую прапанавала арганізацыя GFPS ад адной з нямецкіх фундацый. Ідэя з'явілася таму, што мне ўвогуле Нямеччына блізка, таму што я з'яўляюся культуролагам і мая спецыялізацыя – гэта менавіта германістыка і нямецкая мова. Таму, канешне, вывучаць германістыку, нямецкую мову, ня ведаючы, што такое Нямеччына – гэта крыху няправільна. Жаданне паехаць туды было заўсёды, у мяне і ў маіх аднагрупнікаў… Але я так зразумеў, мала жадання, трэба нешта рабіць.
Ці былі нейкія магчымасці паехаць у Нямеччыну ад Вашай ВНУ?
Не, вось самае дзіўнае, ніякіх магчымасцяў не было. Прычым мае знаёмыя з эканамічнага факультэта БДУ атрымлівалі як узнагароду такую магчымасць, за добрае навучанне, яны ездзілі за мяжу, у тую ж Нямеччыну. А ў нас гэтага чамусьці не было.Тым больш, што мая культуралогія знаходзілася на факультэце міжнародных адносін, на той час, калі я вучыўся, і гэта вельмі дзіўна было… І ненармальна…
Чаму Вы выбралі праграму ГПФС?
У мяне не было падчас вучобы імкнення паглыбіцца ў акадэмічнае жыццё, навуковае, гэтак далей. Мне заўсёды было цікава грамадскае жыццё. І вось мне сказалі, што у параўнанні с DAAD GFPS менавіта робіць ухіл на актыўную грамадзянскую пазіцыю. Адрозніваецца крытэрый адбору, матывацыя. Калі ты едзеш вывучаць вельмі сур’ёзна … возьмем Гётэ, напрыклад, ці гендэрныя пытанні, то перш за ўсе ДААД будзе глядзець на тое, што ты ўжо зрабіў у навуковым плане, якія у цябе працы і што ты хочаш рабіць адпаведна далей. У мяне матывацыя была іншая, я хацеў паглядзець, як функцыянуе грамадзянская супольнасць у Нямеччыне, тая грамадзянская супольнасць, пра якую мы чытаем ў газетах, на інтэрнэт-сайтах, ці чуем па тэлебачанню. Гэта першы момант. І па-другое, я вучыўся у Нямеччыне на факультэце сацыяльных навук і галоўны ухіл у мяне быў – паліталогія. Я лічу, што па праграме DAAD я б не змог такога атрымаць: культуролаг, і едзе вывучаць паліталогію. Такім чынам, плюсы GFPS у тым, што гэты семестер ты можаш вывучаць зусім іншае.
Якую розніцу Вы заўважылі паміж беларускай і нямецкай сістэмамі навучання?
Перш за ўсе, што мяне здзівіла, гэта, напэўна, падыход не адукацыі да студэнта, а студэнта да адукацыі. Гэта значыць, што табе не універсітэт дае праграму, спіс прадметаў, колькасць лекцый і семінараў, а перш за ўсе ты, як студэнт, складаеш свой план. На працягу двух тыдняў у пачатку навучальнага года, ў кастрычніку, наведваеш усе лекцыі, якія цябе цікавяць. Каб потым, пасля 2 тыдняў, ты мог дакладна зразумець, што табе насамрэч падабаецца, а што не падабаецца. Вядома, ёсць пэўны канкрэтны план: колькі ты павінен мець лекцый і семінараў у тыдзень, твая сістэма, твая праграма павінна адпавядаць гэтаму, але сваю праграму ты складаеш сам. Што гэта значыла для мяне? Гэта значыць, што я прыйшоў на некалькі семінараў, дзе мне адразу сказалі, што там будзе , якія працы трэба будзе пісаць, і я зразумеў, што ніякага інтэрэсу у мяне няма да гэтага. Я перастаў хадзіць на гэтыя семінары. Я абраў іншае. Я быў, напрыклад, на лекцыях і семінарах у спадара Віка, які быў старшыней АБСЕ у Беларусі і з'яўляецца сур’ёзным спецыялістам ў галіне беларуска-нямецкіх адносін, а таксама краін постсавецкай прасторы з Нямеччынай. Безумоўна, для мяне гэта было цікава, я свядома прыйшоў на гэтыя лекцыі.
То бок першае адрозненне – тое, то я сам складаю сваю праграму. Другое, вельмі важнае, я лічу, - тое, што семінары пачынаюць ісці паралельна з лекцыямі. У Нямеччыне ты атрымліваеш нейкі набор ведаў на лекцыях і можаш ужо карыстацца імі на семінарах. Прычым такая праца, як складанне рэфератаў ідзе ўжо с першых семінараў. Ніхто з выкладчыкаў не баіцца, што ў студэнта нешта можа не атрымацца, даюць канкрэтныя заданні, і студэнты самі ідуць у бібліятэкі, шукаюць нейкія матэрыялы, вывучаюць гэтую праблему. І больш за то – яны робяць гэтыя заданні як прэзентацыю. А потым другія студэнты, якія удзельнічаюць у семінары, ставяць пытанні да гэтых студэнтаў, і ідзе дыскусія, у якой ёсць мадэратар – гэта выкладчык. Плюс – таксама цікавы момант – на кожным семінары, напрыклад, так было у спадара Віка, вызначаўся пратакаліст – чалавек, які занатоўвае увесь ход дыскусіі, і потым таксама атрымлівае нейкую адзнаку за гэта. Дзякуючы гэтаму мы з першага семінара бачым тых, хто удзельнічае ў дыскусіі, ставіць пытанні, хто шукае адказы, робіць прэзентацыі, хто можа канспектаваць. Іншыя потым аналізуюць гэты пратакол, таму што пасля семінара на працягу тыдня пратакаліст рассылае свае нататкі па электроннай пошце ўсім удзельнікам.
Якімі якасцямі мусіць валодаць студэнт, каб добра вучыцца ў нямецкім універсітэце?
Больш за ўсе мяне здзівіла, што ў нямецкіх ВНУ навучаюцца толькі добрыя студэнты. Туды трапляюць людзі, якія ідуць да сваёй мэты, якія не атрымліваюць адукацыю дзеля дыплома. Яны ведаюць, што калі ім пастаўлена заданне, яны павінны рабіць яго якасна. Больш за тое, вельмі шмат часу адпускаецца студэнтам на самападрыхтоўку, і, як ні дзіўна, нашы студэнты разумеюць, што ім трэба быць у бібліятэках перад сесіяй, а там студэнты ад самага пачатку заўсёды купляюць кнігі, сядзяць у бібліятэках, шукаюць матэрыял. Яны не халявяць. Гэта пачынаецца са школы, таму што там у школе немагчыма атрымаць добрую адзнаку "на халяву". У нас інакш, я сам перажыў на сваім досведзе: я быў даволі моцным гуманітарыям і адставаў па фізіцы, хіміі і матэматыцы. Каб агульную карціну не губляць, настаўнікі мяне проста "падцягвалі" – малявалі добрыя адзнакі. У Нямеччыне гэтага няма. Вядома, там няма і такога, што на тыдзень у цябе 3 гадзіны фізікі, калі ты ведаеш, што пойдзеш у лінгвістычны універсітэт.
Калі казаць пра якасці, якія патрэбны… Па-першае, трэба быць крэатыўным. Таму што ўся сістэма скіравана на крэатыўнага чалавека. Ты не павінен быць добрым слухачом, потым аднаўляць гэта на паперцы. Ты павінен думаць, сам знаходзіць адказы на пытанні. Таму чалавеку, які хоча, каб яму давалі матэрыял, а ен будзе аднаўляць гэта на 10 балаў - варыянт не пройдзе. Пытанне на іспыце можа быць зусім іншае. Цэніцца перш за ўсе як ты сам арыентуешся ў гэтым свеце. Ці можаш ты сваю ацэнку паставіць нейкім з'явам, ці ты арыентуешся толькі на тое, што табе сказалі, ці напісалі у кніжцы. Але гэта тычыцца перш за ўсе паліталогіі, сацыяльных навук…
Якія парады Вы маглі б даць тым, хто паедзе вучыцца за мяжу?
Тым, хто ўжо едзе, ці тым, хто думае паехаць? Гэтае пытанне здаецца простым, насамрэч яно вельмі хітрае. Таму што жаданне паехаць есць шмат у каго… Мяне здзівіла, напрыклад, сітуацыя з маімі аднагрупнікамі: нягледзячы на то, што ўсе германісты у нашай групе хацелі паехаць, паехаў толькі я. Таму што я не толькі хацеў, але яшчэ нешта зрабіў дзеля гэтага. Больш таго, які я ўжо ведаў, што гэта не так складана, атрымаць гэтую стыпендыю, я ўжо з Берліна даслаў інфармацыю на е-майлы сваім аднагрупнікам, пра каго я ведаў, што у іх есць добры патэнцыял, што яны сапраўды могуць патрапіць у Нямеччыну. Калі я вярнуўся ў Беларусь, я атрымаў адказ, што так, мы атрымалі, але не вывучалі гэтую інфармацыю. Таму што трэба было нешта рабіць – паперы, матывацыі нейкія пісаць…
Калі рэальна хочацца – трэба выкарыстаць гэтую магчымасць, тым больш у нашым грамадстве. Калі трапляеш у Еўропу, побач з табой навучаюцца людзі з Іспаніі, Італіі, Францыі, і для іх гэта норма – навучацца за мяжой. Некаторыя, як я, вучыліся адзін семестер у Берліне, але наступны яны збіраліся правесці у Барселоне, а наступны - у Вене. У іх гэта вельмі проста. Ты разумееш, што людзі развіваюцца, калі знаёмяцца з новымі людзьмі, новымі краінамі, сітуацыямі у гэтых краінах, культурай. Таму хачу параіць галоўнае: трэба не толькі жадаць, але яшчэ і нешта рабіць для гэтага.
А тым, хто ужо едзе – не сядзець, а выкарыстаць усе магчымасці. Таму што магчымасцяў шмат. Я толькі у Нямеччыне за гэтыя паўгода зразумеў, што мне хочацца атрымліваць больш ведаў, займацца чымсьці больш, развівацца. Прыяцель з пятага курса распавядаў: "У БДУ у мяне з 3-га курса было адно жаданне – хутчэй бы скончыць. А тут я вывучаюся па гэтай праграме і такога жадання няма. У мяне жаданне яшчэ працягваць вучобу". У Менску я ведаю: я атрымаю дыплом і ўсе, я ў гэтым свеце быццам бы не згублюся, а ў Нямеччыне разумееш, што табе нічога не дастаткова. Таму, калі трапляеце туды, хапайцеся за ўсе, што толькі можна. Наведвайце выставы, сустрэчы, знаёмцеся з новымі людзьмі. Таму што есць такія, хто прыязджае туды, а потым марыць хутчэй з'ехаць, атрымаць гэты плюсік, што яны былі ў Нямеччыне, магчыма дзесьці гэта спатрэбіцца. Спатрэбіцца гэта перш за ўсе толькі вам. Хаця у нас гэты факт мала каго хвалюе.
То бо гэты “плюсік” нічога не дае?
Толькі калі праца з нямецкай мовай. Калі ведаюць, што не толькі скончыў універсітэт, а яшчэ размаўляў з носьбітамі мовы – вядома, гэта плюс. Калі я імкнуся прыняць удзел у грамадскіх праграмах, семінарах – гэта плюс, я магу падзяліцца сваім досведам. Але на тых працах, якія я змяніў за апошнія гады, гэта ніяк не дапамагае. Але гэта нармальна, гэта абсалютна іншыя накірункі. Але ў перспектыве я хачу быць звязаным з галіной беларуска-нямецкіх, беларуска-еўрапейскіх адносін, і я ўпэўнены, семестр навучання ў Берліне і тое, што я адтуль вынес, мне спатрэбіцца.
Ці было жаданне па прыездзе штосьці з нямецкай сістэмы прымяніць у нас?
Я проста гаварыў сваім аднагрупнікам, што трэба тыя карысныя веды, якія нам даюць, браць. Не толькі перад сесіяй вучыцца. Таму што глабальна ад гэтага залежыць жыццё ў нашай краіне, ад таго, ці станем мы прафесіяналамі і будзем свядома працаваць у нейкай сферы. Яны, тыя з кім я размаўляў, у прынцыпе гэта разумелі. Але ўсе сканчваецца тым, што яны разумеюць: нічога не зменіцца. Таму што сістэма абыякавага стаўлення да сваёй прафесіі функцыянуе ў нас не першы год. Калі ты, бюджэтнік, атрымаеш дыплом, ты атрымаеш размеркаванне, будзеш працаваць, цябе не звольняць, хоць ты можаш быць ніякім спецыялістам. І потым ты будзеш рухацца так далей. Калі на нейкую перспектыўную камерцыйную кампанію ты не трапіш, то па дзяржаўнай лесніцы. Будзеш, напрыклад, настаўнікам, дрэнным настаўнікам, але будзеш. А з гэтага будзе фармавацца ўсе жыццё у краіне.
Што змяніў у Вашым жыцці сам досвед побыту ў Нямеччыне?
Калі я прыехаў, на апошнім курсе гэта мне дало шмат. Я зразумеў, што трэба выбіраць і браць карысную інфармацыю. Не было жадання вучыцца на 10, але было жаданне браць тое карыснае, што даюць, і выкарыстоўваць. Матывацыя вырасла. Таму апошні курс я скончыў больш паспяхова, чым папярэднія. Увогуле, стаўленне да жыцця мяняецца на больш актыўнае. І кожны раз, калі я адчуваю ў сабе нейкую апатыю, падштурхоўвае тое, што есць людзі, якія вярнуліся з Нямеччыны ці хочуць паехаць, якія намагаюцца зрабіць нешта, што можа змяніць сітуацыю у нас тут. Разумееш, што яны есць, з імі хочацца працаваць і з'яўляюцца сілы.
*Страшная гісторыя
Мы з сяброўкай (яна таксама з Менска патрапіла на праграму ГФПС) ехалі на семінар, які праходзіў на мяжы з Чэхіяй. Нам напісалі інструкцыю, як дабрацца да месца, але зрабілі памылку ў назве станцыі, на якой трэба было выходзіць з цягніка. У сяброўкі быў іспыт у гэты дзень, і нам прыйшлося вельмі позна выязджаць, таму на чэшскай мяжы мы былі дзесьці а палове дзясятай вечара. Селі мы ў цягнік, які ехаў у горы, праехалі нашу станцыю і вышлі на канцавым прыпынку. Мы апынуліся ў гарах, ніякай сувязі, ніякіх мабільных у нас не было. Гэта была маленечкая вёска, людзей ужо не было… Цягнік быў апошні, транспарта ніякага. Трэба было нешта рабіць… Мы знайшлі мапу на станцыі і адзінае, што разумелі: мы можам ісці па чыгунцы. А адзінаццатай вечара мы ішлі па чэшскіх гарах, па калена у снезе, больш за тое, мы дагэтуль вельмі прамоклі і быў мароз. Шлях наш складаў прыкладна 13 кіламетраў. Навокал бегалі касулі, лісы. Самае страшнае было, калі мы ўбачылі, што рэйкі ідуць у гару – і там тунэль. І гэты тунэль быў прыкладна 200 метраў. Мы з сяброўкай прабіраліся і дзесьці а 12й гадзіне начы увайшлі у тунэль, у якім невядома што было ў сярэдзіне, там не было ні святла, нічога. Мы прабраліся і потым – гэта была сапраўдная узнагарода! – убачылі нейкі хостэл – там і праходзіў наш семінар. Калі нам адчынілі дзверы – а доўга ніхто не рэагаваў на званок, было ужо 2-3 ночы, усе спалі. Зранку мы ўсталі, і той чалавек, які уначы адчыніў нам, распавёў астатнім, як мы тут апынуліся. Спачатку ўсе доўга паціскалі руку мне, потым доўга ціснулі руку дзяўчыне. І потым людзі, якім больш за 30-35 гадоў сказалі "Мы разумеем, як вы выйгралі вайну!" Ні адзін з іх не ўяўляў, што мог бы прайсці 13 кіламетраў ноччу па снезе і яшчэ гэты тунэль.










далучайцеся да нас