АПЫТАННЕ

У якой краіне вы хацелі б вучыцца?
Алесь Анціпенка: "БК не можа даць гатовай веды"
Алесь Анціпенка:

Пра асаблівасці навучання ў Беларускім Калегіюме расказвае Алесь Анціпенка.

- Давайце ўявім сабе патэнцыйнага абітурыента, які чуў пра БК і ведае, што “вучыцца там – файна". Але ён не ўпэўнены, што гэта трэба менавіта яму, паколькі кепска ўяўляе, што ж такое Беларускі Калегіюм...

– Што такое БК? Калі паспрабаваць адказаць на пытаньне каротка, то гэта спроба часткі незалежнай інтэлектуальнай супольнасьці краіны кшталтаваць крытычнае мысьленньне, мысьленьне адкрытае да беларускіх рэаліяў, а таксама мысьленьне ўгрунтаване ў эўрапейскі культурніцкі кантэкст ды беларускую культурніцкую традыцыю. Можна сказаць і інакш: гэта спроба дабудовы ці, лепш, працягу новага беларускага інтэлектуалізму, што паўстаў напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Тагачасны інтэлектуалізм у цэнтар свайго мысьленьня якраз і паставіў Беларусь, якая да гэтага была адно савецкай рэспублікай, тэрыторыяй без інтэлектуальнай і культурніцкай традыцыі, бяз мысьленьня і без гісторыі. (Апошняя, праўда, калі выказацца больш дакладна, усё ж была, аднак пачыналася толькі з 1917 года).

– Чаго варта чакаць? Што можа гарантавана атрымаць абітурыент, калі пройдзе конкурсны адбор?

– Гарантавана можна чакаць сустрэчы з выбітнымі беларускімі інтэлектуаламі, незалежнымі добра вядомымі журналістамі і гісторыкамі.

– На што не варта разьлічваць, каб не расчаравацца?

– Каб не расчаравацца, трэба разьлічваць толькі на ў ласную працу, скіраваную на тое, што я (студэнт) хачу навучыцца нестандартна (“нестандартна” я ўзяў у двукоссе таму, што мысьленьне само па сабе ёсьць рэч выключна нестандартнае) мысьліць і цікава пісаць (для іншых). Толькі тады выкладчыкі БК будуць вам карысныя і толькі тады вам дапамогуць. А чаго ня можа даць БК? Дакладна ня можа даць гатовай веды. Бо веда – гэта заўсёды пошук (вынік МЫСЬЛЕНЬНЯ).

– Якія асабістыя якасьці дапамагаюць не проста правесьці пэрыяд жыцця ў БК, а быць пасьпяховым і атрымаць максымальную карысьць?

– Моцнае жаданьне і прага веды (мысьленьня).

– На Вашай старонцы разьмешчана інфармацыя пра праэкт стварэння Беларуска-амерыканскага ўнівэрсытэта. Якія магчымасьці прапаноўвае студэнтам гэты праэкт?

– Гэта праект для будучыні, для будучай інтэлектуальнай эліты, якая мусіць зьмяніць культурніцкі, адукацыяйны і інтэлектуальны ляндшафт краіны, зрабіць яе (краіну) адкрытай, а адукацыю ў краіне канкурэнтаздольнай.

– І амаль асабістае: калі б у той час, калі Вы былі студэнтам, існаваў БК, ці захацелі б Вы ў ім вучыцца? Чаму? І калі ўжо Калегіюма не было, то скажыце, калі ласка, дзе Вы бралі свае ўрокі свабоды думкі і творчасьці?

– Я адкажу адразу на два пытаньні. Мне ў маім жыцьці неверагодна пашчасьціла. Па-першае, прыехаўшы ў Менск вучыцца, я практычна адразу ж патрапіў у нефармальны акадэмічны гуманітарны асяродак. Як? Дзякуючы чытацкаму білету свайго старэйшага брата я пачаў наведваць чытальныя залі бібліятэкі АН БССР і навуковую залю Нацыянальнай бібліятэкі. І гэта быў амаль цуд! У холі (пазьней палёнцы былі выціснутыя ў прыбіральні) на трэцьцім паверсе бібліятэкі АН БССР адбываліся (падчас перапынкаў на цыгарэту) доўгія і часама нефармальныя дэбаты навуковых супрауцоўнікаў і асьпірантаў (філёзафаў, эканамістаў, літаратараў, гісторыкаў і г.д.). Тое ж адбывалася і ў прыбіральні навуковай залі Нацыянальнай бібліятэкі. Я прыходзіў туды і літаральна разьвешваў вушы. Як гэта ня сьмешна гучыць, але прыбіральні гэтых бібліятэкаў сталіся для мяне культавымі мейсцамі. А, па-другое, была сустрэча з Кімам Хадзейевым, легендарнай асобай, чалавекам-бібліятэкай. Дзякуючы яму мая нефармальная адукацыя істотна прасунулася наперад. І што самае дзіўнае гэты чалавек ня толькі неверагодна шмат чаго ведаў, але і ўмеў мысьліць! А цяпер да БК... У некаторым сэнсе БК і ёсьць мадэльлю той нефармальнай адукацыі, якую я ў свай час атрымаў падчас майго фармальнага (дзеля дыплёма) навучаньня ў Лінгвістычным унівэрсытэце.

p
Каментары (0)