АПЫТАННЕ

У якой краіне вы хацелі б вучыцца?
Андрэ Бём: "У Ольдэнбургу ёсць з кім пагаварыць на мове"
Андрэ Бём:

Ці дастаткова добра інфармаваныя беларускія студэнты аб магчымасцях, якія прапануе праграма ДААД? Ці ёсць магчымасці, якія мала выкарыстоўваюцца?

Наша арганізацыя рэгулярна, найперш увосень, рэкламуе праграму ДААД, а таксама праграмы іншых арганізацый. Калі я параўноўваю сітуацыю, скажам, 5 гадоў таму і зараз, то цяпер інфармаванасць беларускіх студэнтаў і навукоўцаў значна палепшылася. 5 гадоў таму у нас было 5 супрацоўнікаў у Беларусі, цяпер чатыры – у Менску і тры – у рэгіёнах. Наша арганізацыя, у Беларусі ў тым ліку, цяпер больш інтэнсіўна займаецца маркетынгам у тым, што датычна вучобы і даследаванняў у Нямеччыне. Але ёсць вялікі міф, што ДААД – праграма, якая займаецца менавіта германістыкай. Але ёсць праграмы, дзе мова навучання не нямецкая, а ангельская. Такім чынам, людзі, якія вывучалі ў школе і ва ўніверсітэце ангельскую мову, таксама могуць прымаць удзел у гэтых праграмах.

Як Вам здаецца, каму праграма ДААД можа прынесці найбольшую карысць, як лепш за ўсё выкарыстаць ДААД для прафесійнага росту?

Праграма ДААД – гэта шэраг стыпендыяльных праграм, якая дазваляе вучыцца і займацца даследаваннямі ў Нямеччыне за кошт нашай арганізацыі. У любым выпадку, мы заўсёды раім тым, каму гэта трэба, пашукаць магчымасці вучобы ў Нямеччыне самастойна. Тым больш, што вучоба ў Нямеччыне ў параўнанні з іншымі краінамі даступная – гэта не вельмі дорага. У некаторых землях наогул пакуль яшчэ бясплатная, альбо толькі 500 эўра ў семестр. А навошта чалавеку патрэбна гэтая вучоба, гэтая праграма, і як яе выкарыстаць, павінен разумець сам чалавек. Мы кансультуем, даем парады, але галоўнае, каб чалавек сам разумеў свае мэты. Гэта можа быць нямецкая мова. Але ў нашых праграмах могуць удзельнічаць усе спецыяльнасці, галоўнае – дастатковая навуковая і прафесійная падрыхтоўка.

Якія парады Вы можаце даць тым, каму трэба пісаць матывацыйны ліст? Гэта не заўсёды проста для беларускіх студэнтаў?

Як і пра што пісаць – гэта ў першую чаргу залежыць ад таго, чым чалавек жадае займацца ў Нямеччыне, ад таго, па якой праграме ён едзе і ад спецыяльнасці, па якой жадае навучацца, ці вучыць нямецкую мову, ці вучыцца ва ўніверсітэце або займацца даследаваннямі… Самае галоўнае... Скажам так, беларусы – вельмі эмацыйныя людзі. Таму ў матывацыйным лісце чалавек вельмі часта піша, што гэта яго мара, патрапіць у Нямеччыну, вучыць нямецкую мову, нягледзячы на тое, што ў некаторых праграмах веданне нямецкай мовы – гэта галоўная ўмова, без мовы туды проста не патрапіш. Лепш проста напісаць у залежнасці аб канкрэтнай праграмы, спецыяльнасці – гэтае не эсэ, гэта іншае – тэкст у вельмі нейтральным, неэмацыйным, навуковым стылі. Здараецца, што чалавек піша пра Гётэ і Шылера, хоць гэта наогул не мае дачынення да праграмы. Такі матывацыйны ліст нават не будуць разглядаць. Усё павінна быць аргументавана, па справе. Але трэба адзначыць, што сітуацыя палепшылася за апошнія 5 гадоў. 5 гадоў таму усё так пісалі, а зараз, пасля нашых кансультацый, толькі некаторыя. Усё гэта тычыцца і аўтабіяграфіі, якую таксама часта не ведаюць, як пісаць.

Калі вы ўпершыню прыехалі ў Беларусь, і як з тых часоў змяніліся вашы уяўленні аб краіне?

Наогул, упершыню я патрапіў у Беларусь у 1996г. з экскурсіяй. Тады я наогул нічога не ведаў, акрамя таго, што сталіца – Менск, што гэта былая савецкая рэспубліка. Маё першапачатковае стаўленне не было ні адмоўным, ні станоўчым. Потым ужо я вучыўся ва ўніверсітэце, вывучаў славянскую філалогію. Ужо пазней, калі я правёў тут па працы 6 гадоў, я больш даведаўся пра краіну. Цяпер я ўжо вельмі шмат бачыў, шмат падарожнічаў па Беларусі, адзін і з сябрамі. Гародня, Брэст, Слуцак, Салігорск, Орша… Я там быў, быў у людзей у гасцях… Я шукаў кантакту з людзьмі, каб пазнаць краіну.

Тут шмат славутых месцаў, але няма інфраструктуры для турызму. Гэта кінулася ў вочы, але толькі ў апошнія гады, раней я гэтага не ведаў. Як і ў Нямеччыне вельмі шмат замкаў, але за імі не дагледжваюць. Мне вельмі падабаецца ў вёсцы. З аднаго боку, калі там замежны чалавек, для яго гэта вельмі цікава, вельмі прыгожа, гэта рамантыка, нават адчуванне нейкай ідыліі. Але на самой справе, бо я тут некалькі гадоў жыў, я ведаю, як у вёсцы жывуць людзі, і мне самому становіцца самотна ў тым плане, што большасць насельніцтва – пажылыя людзі. Так што я на ўласныя вочы бачу, адчуваю, як вёска вымірае, а буйныя гарады, менавіта Менск, растуць. Гэтае ўражанні апошніх гадоў.

Я ведаю, што вы перакладалі на нямецкую мову беларускіх паэтаў. Каго? Для ўласнага задавальнення, або вы лічыце, іх мала ведаюць за мяжой?

Некаторых перакладаў. Арлоў, Дубавец, Вішнеў, Бабкоў, Хадановіч, яшчэ іншыя… Я лічу гэта патрэбнай справай, таму што ў Нямеччыне беларускую літаратуру увогуле ня ведаюць, альбо не ўспрымаюць як нацыянальную літаратуру, менавіта таму, што не ведаюць.

Часамі мне нават сорамна за мой народ, таму што ў нямецкіх СМІ рэдка ўзгадваюць пра Беларусь. І калі гэта здараецца, то толькі ў сувязі з палітыкай. Цяпер ужо адчуваецца, перад выбарамі. Уся інфармацыя не занадта станоўчая, і гэта таксама звязана з палітыкай. Але тыя праблемы, якія звязаныя з палітыкай – гэта яшчэ не ўсё. У мяне ёсць калегі, лектары ДААД, якія працуюць у сапраўды праблемных краінах: Паўночнай Карэі, Аўганістане, Іране, афрыканскіх краінах. Так што ўсё адносна, і ў Беларусі, мне здаецца, не так дрэнна. Я не маю на увазе матэрыяльны бок, я кажу агулам, хоць я ведаю, як тут жывуць людзі і як сябе адчуваюць.

Я ведаю, што ў вас пазаўчора быў Дзень Народзінаў. Прыміце мае віншаванні..

Дзякуй.

Вы адмыслова прыехалі ў Беларусь у гэты дзень?

Не, не адмыслова, я проста буду цяпер працаваць ва ўніверсітэце ў Ольдэнбургу, дарэчы, выкладаць беларускую літаратуру. Там семестр пачынаецца толькі з кастрычніка. Так што ўсё тое, што я зрабіў бы там, я магу зрабіць і тут. Я тут трошкі працую, і трошкі… развітваюся... Але мая новая праца таксама звязаная з беларускай культурай. У Ольдэнбургу ёсць прафесар, мовазнаўца, які працуе з беларусамі і немцамі над вялікім даследчым праектам, вывучаюць трасянку. У праекце ўдзельнічаюць мовазнаўцы і сацыёлагі. Дарэчы, тамака цяпер аспірантка БДУ, стыпендыятка, і яшчэ адзін малады чалавек з Беларусі – ёсць з кім пагаварыць на мове. Я ведаў, што ў Ольдэнбургу, можна сказаць, спецыялізуюцца на беларускай філалогіі, і таму падаў туды дакументы. Адзін год я буду працаваць там і, думаю, на працягу гэтага года буду часта прыязджаць у Беларусь.

Каментары (0)